САЮ́ЗНЫ САВЕ́Т ДЛЯ ЯПО́НІІ Існаваў у 1945—52. Створаны ў адпаведнасці з рашэннем нарады міністраў замежных спраў СССР, ЗША і Вялікабрытаніі ў Маскве (снеж. 1945) як кансультацыйны орган саюзных дзяржаў пры амер. галоўнакамандуючым акупацыйнымі войскамі саюзнікаў у Японіі. Знаходзіўся ў Токіо. Уключаў прадстаўнікоў ЗША, СССР, Кітая, Вялікабрытаніі (апошні прадстаўляў таксама Аўстралію, Новую Зеландыю і Індыю), Нідэрландаў; пазней да іх далучыліся прадстаўнікі Пакістана і М’янмы. Меў права прыпыняць рашэнні амер. акупацыйнай адміністрацыі да ўзгаднення пытання з усімі членамі савета. У цэлым адыгрываў станоўчую ролю ў распрацоўцы агульнай паліт. лініі саюзнікаў у справе пераўтварэнняў пасляваен. Японіі (аграрная рэформа, дэмакратызацыя паліт. жыцця і інш.). Распушчаны ў крас. 1952 пасля ўступлення ў сілу Сан-Францыскага мірнага дагавора 1951.
т. 14, с. 242
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)